На прыпынку соткі ля цырка кампанія хлапцоў беспасьпяхова спрабавала падняць зь зямлі дзяўчыну. Тая блявала, вырывалася, падала, зноў блявала... Спадніца задралася, панчохі ў кветачкі, сукенка паднялася, агаліліся грудзі... Ужо без прытомнасьці, амаль распранутую, хлопцы паклалі дзяўчыну на лаву. Я выклікала хуткую.
Сяброўка дзяўчыны, таксама п'яная ў дровы, спрабавала прывесьці яе ў прытомнасьць, трэсла, біла па твары. Тая мяталася па лаве, пару разоў гучна стукнулася па ёй галавой. Праз хвілін 7-10 я перазваніла 03. “Брыгада выехала, чакайце”. Міма праехала адна “хуткая”, другая. 15 хвілін, 20. Дзяўчына вырубілася. “Дзяўчына непаўнагадовая, яна без прытомнасьці”, - спрабавала я тлумачыць дыспетчару “03”. Кампанія, зь якой дзяўчына піла, накрыла яе курткай і зьнікла. Малая тым часам перастала падаваць усялякія прыкметы жыцьця.
Званю ў міліцыю. “Вы пазванілі па нумару 02. На жаль, усе аператары занятыя, чакайце. ” Нарэшце слухаўку здымаюць: “Чым магу дапамагчы?” Тлумачу, чым міліцыя можа мне дапамагчы.
Яшчэ хвілін праз 5 перанабіраю “хуткую” (у 5-ты раз, мая сяброўка адлічвае сёмую машыну хуткай дапамогі, якія нясьпешна праязджаюць міма). “Дзевушка, пойміте, быстрее нас нікто не работает”. Я кладу слухаўку.
Нарэшце прыязджае “хуткая”. Зь яе радасна выходзяць некалькі мужыкоў і сустракаюць нас словамі “С наступающими празднічкамі, кстаті!” Я закатваю скандал: “Вы да ўсіх больш за паўгадзіны едзеце ці толькі па сьвятах?” Мне адказваюць: “Падумаеш, у нас тут на каждой отановке такіе лежат!”
Дзяўчыну грузяць на насілкі. Яна ўся сіняя.
Я жадаю вам, даражэнькія, не хварэць. Не хварэць увогуле, і па сьвятах у першую чаргу.